Радком свой край праславіў
Пад такой назвай 29 верасня ў Ізабелінскай сельскай бібліятэцы адбылася сустрэча з паэтам-земляком, членам Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь Алесям Сямёнавічам Гібок-Гібкоўскім.
Яго біяграфія не вывучаецца ў школьнай праграме, імя яго пакуль не знойдзеш у даведніках па беларускай літаратуры. Але з упэўненасцю можна сказаць, што менавіта з такіх асоб складаецца вялікая кніга жыцця нашага народа.
Наш зямляк Алесь Сямёнавіч Гібок–Гібкоўскі — вядомы беларускі перакладчык, публіцыст, паэт, лаўрэат прэміі “Залатое пяро” і прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Нарадзіўся ў вёсцы Рупейкі. Вучыўся ў Рупейкаўскай, Ясенавіцкай, Ізабелінскай школах. Скончыў Мінскі машынабудаўнічы тэхнікум, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт з адзнакай. Працаваў інжынерам, канструктарам, настаўнікам, рэдактарам у часопісах “Роднае слова”, “Беларусь”, “Гарызонты”. У цяперашні час супрацоўнічае з вядучымі выданнямі Беларусі.
У час сустрэчы Алесь Сямёнавіч вельмі цікава расказаў пра сваё жыццё: пра дзяцінства, пра вучобу, настаўніцкую працу. Прачытаў шмат сваіх вершаў, пазнаёміў са зборнікамі вершаў “Насамрэч”, “Дакрануцца да неба і зямлі”, з кнігай думак “Навучыцца любіць”.
Падчас сустрэчы адбылася прэзэнтацыя новай кнігі казак для дзяцей. Алеся Сямёнавіча Гібок–Гібкоўскага “Домік каля возера”.
На сустрэчу былі запрошаны вучні, настаўнікі Ізабелінскай школы, а таксама удзельнікі клуба па інтарэсах для пажылых людзей”. Напрыканцы сустрэчы дзеці “закідалі” паэта пытаннямі. Ім было цікава ведаць, у якім узросце ён пачаў пісаць вершы, адкуль бярэцца натхнення.
Удзельнікі былі задаволены магчымасцю пагутарыць з паэтам, які сваім талентам праслаўляе нашу малую радзіму.
Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы мерапрыемства бібліятэкару аказала настаўніца англійскай мовы Алена Мікалаяўна Наумік.
Больш шырокае адлюстраванне матэрыялаў аб усіх літаратурных талентах Ваўкавыскай зямлі чытачы Ізабелінскай сельскай бібліятэкі могуць знайсці ў тэматычных папках ці іншых матэрыялах на выставе “Натхненне дорыць родная зямля”.
Ганна Свістун,
бібліятэкар Ізабелінскай сельскай бібліятэкі.
Comments are closed.