Міжраённы семінар “Бібліятэка ў дзіцячым фармаце: алгарытм узаемаадносін”

Тэма актуальная, цікавая, надзённая. Менавіта так і называўся міжраённы семінар бібліятэчных работнікаў. Другі год запар практыкуецца такая форма работы, У мінулым годзе бібліятэкары Ваўкавышчыны знаёміліся з вопытам мастоўскіх калег. Сёлета са зваротным візітам Ваўкавышчыну наведалі мастаўчане. 25 мая адбыўся міжраённы семінар “Бібліятэка ў дзіцячым фармаце: алгарытм узаемаадносін” 

Праграма семінара прадугледжвала два блокі: тэарэтычны і практычны. Адкрыў семінар Дз.А.Зязюля, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, які коратка азнаёміў з Ваўкавышчынай. Змястоўную экскурсію па цэнтральнай бібліятэцы правяла Алена Забела, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦРБ. Пытанні камплектавання, матэрыяльна-тэхнічнай базы, выкананне лічбавых паказчыкаў адлюстравала ў сваім выступленні дырэктар бібліятэчнай сістэмы Марына Уладзіміраўна Болдак.

Было адзначана, што перамены, якія адбываюцца ў разнастайных сферах дзейнасці , у тым ліку і ў галіне культуры, патрабуюць адпаведных пераўтварэнняў і ў рабоце бібліятэк. Супрацоўнікамі аддзела бібліятэчнага маркетынгу была дэталёва прааналізавана дзейнасць бібліятэк сістэмы па заяўленай тэме. Зроблены акцэнт на найбольш удалых практычных напрацоўках, адзначаны цікавы вопыт работы з дзіцячым чытачом бібліятэкі-цэнтра нацыянальнай культуры п. Юбілейны, цэнтральнай бібліятэкі, гарадской дзіцячай бібліятэкі па вул. Н. Боркі і інш.

Першы тэарэтычны блок семінара завяршыла сваім выступленнем бібліятэкар Ізабелінскай сельскай бібліятэкі Ганна Свістун. Яна распавяла пра краязнаўчую дзейнасць бібліятэкі як аснову патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення. Працуючы ў рамках мэтавай праграмы “Любі свой край і ўслаўляй”, Ганнай Іванаўнай праводзіцца надзвычай насычаная работа па выхаванню духоўнасці, нацыянальнай і грамадзянскай самасвядомасці ў падрастаючага пакалення: фэст экскурсаводаў, мерапрыемствы маштабнага характару сумесна з прадстаўнікамі духавенства, мясцовага Дома культуры, калектывам агульнаадукацыйнай школы.

 Другі блок семінара быў прысвечаны абмену ўласным практычным вопытам інавацый падчас наведвання бібліятэчных устаноў. Традыцыйна базавай установай па рабоце з юнай аўдыторыяй лічыцца раённая дзіцячая бібліятэка. Паводле меркавання Маргарыты Нікіфаравай, загадчыцы РДБ, дзіцячая тэрыторыя павінна быць прывабнай і камфортнай. І дзеля гэтага ў РДБ створаны ўсе ўмовы: маляўнічае афармленне памяшкання, гульнёва-казачны пакой, музей незвычайнай дзіцячай кнігі. Супрацоўнікі данай установы імнкуцца праз сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі выклікаць цікавасць да традыцыйнай кнігі. Былі прадэманстраваны аўтарскія відэаролікі, агучаныя электронныя віктарыны, сюжэтныя прэзентацыі і г.д.

Каб наблізіць кнігу да чытача, выклікаць цікавасць і прывіць любоў да чытання, бібліятэкары імкнуцца традыцыйныя формы і метады напаўняць новым зместам. Менавіта гэты напрамак з’яўляецца прыярытэтным у рабоце гарадской бібліятэкі-філіяла №46 па вул.Барычэўскага, што стала наступным аб’ектам наведвання.
У Роскай гарпасялковай бібліятэцы была адзначана актыўная работа творчага калектыву з дзецьмі ў рамках клубаў па інтарэсах (кіраўнікі Свірыдава С. і Гулеўская Н.).

Бібліятэкарамі распрацавана і аформлена шматлікая колькасць рэкламна-выдавецкай прадукцыі ў традыцыйным выглядзе і электронным фармаце: буклеты, закладкі, плакаты, папкі-альбомы, электронныя прэзентацыі і г.д. Відавочна, супрацоўнікі Роскай ГПБ выкарыстоўваюць усе наяўныя рэсурсы, каб стварыць асяроддзе развіцця дзіцяці праз чытанне, кнігу і нетрадыцыйныя віды носьбітаў інфармацыі. Галіна Чарапок, дырэктар РМЦ, падзялілася вопытам прымянення гульнёва-развіваючых тэхналогій у масавай рабоце.

Напрыканцы пры падвядзенні вынікаў, мастоўскімі калегамі было адзначана, што праграма была досыць насычанай, акрамя абмеркавання актуальных бібліятэчных пытанняў цікавымі і пазнавальнымі былі экскурсіі па ваенна-гістарычным музеі ім.П.І.Баграціёна і Роскім цэнтры рамёстваў. Актыўны культурна-прафесійны абмен у такім фармаце эфектыўны для наладжвання міжбібліятэчных сувязей і карысных кантактаў з калегамі. Абодва бакі выказалі пажаданне на далейшае супрацоўніцтва.

Прапануем вашай увазе фотаагляд падзеі

 

Comments are closed.